воскресенье, 19 апреля 2020 г.

Аргентынскія знаходкі


Таццяна Вабішчэвіч

Аргентынскія знаходкі палуяназнаўства

Імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій кардынальна змяніла стандарты даследчай працы. Прастора і час не ўспрымаюцца болей як сур’ёзныя абмежаванні для ажыццяўлення навуковых праектаў: пошук па фондах найбуйнейшых кнігасховішчаў і архіваў свету даступны ў дыстанцыйным рэжыме, атрыманне лічбавых копій дакументаў эканоміць дні, тыдні, месяцы, якія раней страчваліся на пераезды, любыя пытанні аператыўна абмяркоўваюцца з замежнымі калегамі праз электроннае ліставанне або ў фармаце он-лайн і інш. Аднак нават пры такім арсенале пошукавых і камунікацыйных магчымасцей і сёння бываюць знаходкі, для характарыстыкі якіх найлепей падыходзіць толькі адно (не вельмі навуковае) вызначэнне – удача.
Яна была патрэбная ўсім, хто ў той ці іншы час браўся за даследаванне жыццёвага і творчага шляху Сяргея Палуяна. Неардынарны празаік, бліскучы публіцыст, тонкі літаратурны крытык, асоба выключнай энергетыкі – усяго за некалькі месяцаў працы ў складзе рэдакцыі “Нашай нівы”ён паспеў паўплываць на лёсы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага, Цішкі Гартнага, узбагаціць айчынную крытыку новым для яе жанрам (гадавы агляд), выказаць смелыя і перспектыўныя прапановы па развіцці беларускага нацыябудаўнічага руху.
І згарэў – у няпоўныя дваццаць – пакінуўшы па сабе “светлы след”, што “будзе вечна жывым” (М. Багдановіч). А яшчэ – крытычна, нават катастрафічна мала асабістых дакументаў ці хоць якіх фактычных зачэпак для разгортвання пошукаў. Скупыя, часам недакладныя дадзеныя ў некралогах. І болей –нічога: ні метрыкі з указаннем даты і месца нараджэння, ні рукапісаў, ні фотаздымкаў… Былі лісты да Максіма Багдановіча (адкрывальнікам яго таленту стаў менавіта С. Палуян), але і яны, неапублікаваныя, зніклі разам з архівам паэта падчас Другой сусветнай вайны. Сітуацыю да максімуму ўскладніла працяглае замоўчванне Палуянавага імя, жорсткія ідэалагічныя табу і цэнзураванне. Час сыходзіў, забіраючы з сабою тых, хто мог нешта распавесці пра побытавыя і сямейныя варункі, сяброўскія стасункі, светапогляд маладога нашаніўскага інтэлектуала.
Гісторыя пасмяротнага вяртання Сяргея Палуяна ў канон беларускай літаратуры аказалася не менш інтрыгоўнай і драматычнай, чым яго жыццё. Драматычнай, але ўсё жу многім – шчаслівай. Бо даследчыкам шанцавала.
Першаму – Кастусю Езавітаву. На мяжы 1930 – 1940-х гг. ён здолеў адшукаць у Рызе старэйшую Палуянаву сястру Ганну (у шлюбе Шаліна). Тадыз біяграфіі літаратара-“знічкі” была нарэшце знятая заслона таямнічасці: сталі вядомыя дата і месца нараджэння, асноўныя жыццёвыя акалічнасці,былі зафіксаваныя звесткі пра сям’ю – бацькоў, сясцёрі братоў, дзядзькоў(артыкул “Сяргей Палуян і яго пара” ў перыёдыках “Раніца” і “Беларуская газэта” за 1942 г.). Потым гэтая нітачка (такое неаднойчы здаралася ў выпадку з Палуянам) абарвалася: пад негалосную забарону патрапіў сам К. Езавітаў і ўсё, надрукаванае ім.
У выніку ў 1970-я гг. фактычна з нуля вымушаныя былі пачаць свае працяглыя і напружаныя росшукі (сапраўднае літаратуразнаўчае расследаванне) Таццяна Кабржыцкая і Вячаслаў Рагойша[1]. І тым большаю была іх удача: знайшліся тры малодшыя сястры Сяргея Палуяна! Занатаваныя ад іх успаміны і сабраныя дзякуючы ім фотаздымкі ў сукупнасці з выяўленымі архіўнымі дадзенымі і фактамі з друкаваных крыніц пачатку ХХ ст. дазволілі ўпершыню падрыхтаваць навуковую біяграфію Палуяна (увайшла ў форме прадмовы ад складальнікаў у выдадзеную ў 1986 г.– не без цэнзурных цяжкасцей – Палуянаву кнігу “Лісты ў будучыню”). Больш як праз семдзесят гадоў пасля смерці пісьменніка гэты вызначальны гісторыка-літаратурны рубеж быў узяты: даследчыкі маглі нарэшце апераваць хаця і не шматлікімі, але канкрэтнымі датамі, геаграфічнымі назвамі, імёнамі і прозвішчамі.
І працягваць пошукі. Бо дэталі і падрабязнасці жыцця Сяргея Палуяна па-ранейшаму – за смугою таямніцы. У такой сітуацыі значэнне маюць любыя датычныя пісьменніка звесткі, у тым ліку ўскосныя.
І вось – гэта ўжо цуды нашай лічбавай эры – новая ўдача. Блізкія родныя Сяргея Палуяна знайшліся ў…Аргентыне. Знаходка амаль неверагодная. І яшчэ цікавей тое, што зрабіў яе не палуяназнаўца-прафесіянал, а даследчык-аматар.
Нечаканае адкрыццё належыць Віктару Гілеўскаму – краязнаўцу-энтузіясту, выпускніку факультэта прыкладной псіхалогіі БДПУ (2000), ураджэнцу (як і С. Палуян) горада Брагіна. Сёння В. Гілеўскі жыве ў Гомелі.  Даўнім, яшчэ з дзяцінства, захапленнем сталася для В. Гілеўскага вывучэнне гісторыі роднага Брагіна і Брагіншчыны ў цэлым, а таксама скрупулёзнае – па ўсіх лініях і адгалінаваннях – даследаванне ўласнага радаводу. На працу ў чытальных залах архіваўі бібліятэк ён аддаў ці не тысячы гадзін. Аматарскія генеалагічныя расшуканні патрабавалі ўсіх тых якасцей, якімі мусіць валодаць сапраўдны даследчык: шырокай эрудыцыі, дакладнасці, добрай арыентацыі ў крыніцах, цярплівасці, крытычнасці, здольнасці аналізаваць, супастаўляць, сістэматызаваць. Тым болей, што за мэту ставілася не проста знайсці “голыя” імёны і “сухія” лічбы (нараджэнне – хрэсьбіны – шлюб – смерць), але назапасіць як мага больш рознабаковых звестак пра кожнага з продкаў. Каб імёны ажылі.Каб мінулае вяло дыялог з сучаснасцю.
І калі ўсё толькі пачыналася – з разгляду старых сямейных фотаздымкаў і размоў з бабуляй пра яе расстралянага ў 1938 г. як “польскага шпіёна” бацьку (а быў у Брагіне кавалём), са свята Радуніцы і догляду за магіламі, са знаёмства са спецыяльнай літаратурай па генеалогіі, цяжка было нават уявіць, якія знаходкі чакаюць наперадзе, якімі пакручастымі сцяжынамі пойдзе пошук. Старыя дакументы – гэтыя “лісты ў будучыню” – распавялі пра (без перабольшання) багатую гісторыю шараговай (на першы погляд) беларускай сям’і, пра перапляценні ў родзе Гілеўскіх розных брагінскіх (і не толькі) родаў. Пра чалавечыя лёсы.
У далёкім 1807 г. у мястэчку Брагіне ўзялі шлюб Іван Мікіфараў Панеўчык (прамы продак В. Гілеўскага) і Ганна Ермалаева Бахонка. Так Панеўчыкі (а праз іх і Гілеўскія) парадніліся з Бахонкамі, з роду якіх крыху пазней выйдзе народжаная ў 1869 г. Аляксандра Дзмітрыева Бахонка – маці Сяргея Палуяна (яна – праўнучка Івана Ермалаева Бахонкі, брата той Ганны Ермалаевай, што выходзіла замуж у 1807 г.). Пасля вяселля і амальда пачатку ХХ ст. Панеўчыкі і Бахонкі жылі разам (жаніх пайшоў “у прымы”) уагульнайхаце на Загараддзі (цяперашняя вул. Кірава).
А ў лістападзе 1864 г. унук згаданага вышэй Івана Мікіфарава Панеўчыка – мястэчка Брагіна ўласнік Міхал Іванаў Панеўчык – узяў за жонку таго ж мястэчка ўласніка дачку Аляксандру Іванаву Палуян. Ад таго часу Панеўчыкі парадніліся і з продкамі Сяргея Палуяна “па мячы”, прычым будучы Сяргееў дзед – Іван Рыгораў Палуян, выступаў на вянчанні ў якасці аднаго з паручальнікаў па нявесце.
Гэтыя – няхай і далёкія – сваяцкія повязі з Палуянамі падштурхнулі Віктара Гілеўскага да больш глыбокага вывучэння радаводнага дрэва Сяргея. Прыватная гісторыя сям’і Гілеўскіх нечакана (ці ўсё ж чакана, бо, як не збіта гучаць такія фразы, усе мы – частка вялікай сям’і, і менавіта з павагі да сваіх родзічаў, з імкнення ведаць свой асабісты радавод пачынаецца павага да Радзімы, народа, нацыі) перарасла ў гісторыю агульнанацыянальную.
Звесткі пра Палуянаў збіраліся вельмі складана, бо асноўная частка метрычных кніг па Брагіне за канец ХІХ – пачатак ХХ ст. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і наогул у архівах Беларусі адсутнічае – яны беззваротна згінулі ці то з-за ваенных пажараў, ці то праз людское нядбальства. Але ўсё ж настойлівасць і зварот да сучасных пошукавых сродкаў далі свой плён. Нешта (па перыядзе пачатку – сярэдзіны ХІХ ст.) знайшлося тут, нешта атрымалася адшукаць за мяжою. А самае галоўнае: улетку 2017 г. Віктар Гілеўскі пачаў інтэрнэт-ліставанне з Аляксандрай Палуян – пляменніцай Сяргея Палуяна, дачкой яго малодшага брата Дзмітрыя, якая жыве цяпер у Буэнас-Айрэсе. Як высветлілася, у сталіцы Аргентыны жывуць і яшчэ двое дзяцей Дзмітрыя.
Завочнае знаёмства Віктара Гілеўскага з Аляксандрай Палуян упершыню дазволіла атрымаць дастаткова поўнае ўяўленне пра жыццё Сяргеевых братоў Дзмітрыя і Рыгора. Дагэтуль інфармацыя пра іх была вельмі і вельмі скупою (і, як аказалася, не ва ўсім дакладнаю). З нешматлікіх вядомых раней фактаў асаблівую ўвагу прыцягвала тая акалічнасць, што абодва браты ў 1920-я гг. выехалі за мяжу – спачатку ў Еўропу, дзе атрымалі вышэйшую інжынерную адукацыю, а потым – за акіян, у Аргентыну. Прычыны і дакладны час выезду нідзе не называліся, аднак такі ўчынак лагічна прымушаў задумацца: ці не былі Дзмітрый і Рыгор праціўнікамі новаўсталяванай улады Саветаў? Зразумела, што ў 1980‑я гг., калі пабачыла свет кніга “Лісты ў будучыню”, афішаваць падобныя рэчы было немагчыма ні для родных пісьменніка, ні для даследчыкаў яго творчасці (Сяргей Палуян і без таго занадта доўга лічыўся ідэолагам “нацыянальнай буржуазіі” і выкрэсліваўся з гісторыі беларускай літаратуры).
Прадстаўленая пляменніцай Сяргея Палуяна біяграфічная інфармацыя пра Дзмітрыя і Рыгора, а таксама дадатковыя звесткі, адшуканыя В. Гілеўскім, нарэшце далі адказ на гэтае даўно завіслае ў паветры пытанне. Браты Палуяны сапраўды мелі сур’ёзныя “ідэйныя разыходжанні” з палітычнымі і сацыяльнымі ўстаноўкамі бальшавізму. Дзмітрыйі Рыгор не проста выказалі нязгоду з новым рэжымам. Яны адстойвалі ўласныя погляды са зброяй у руках і за мяжу эвакуіраваліся разам з апошнімі ацалелымі ў Грамадзянскай вайне 1917–1920 гг. карпусамі Белай арміі (т. зв. “крымская эвакуацыя”). Гэта значыць, захавалі вернасць сваім ідэалам да канца.
У гэтым – блізкасць Дзмітрыя і Рыгора да іх старэйшага брата Сяргея. Ён таксама ні ў чым і ніколі не адступаўся ад абранага жыццёвага шляху, не здраджваў сваім сацыяльна-вызваленчым і нацыянальна-беларускім ідэалам. Усе трое праявілі і змагарны дух, і немалую духоўную мужнасць. Відаць, такім было выхаванне ў палуянаўскай сям’і.
Але адначасова тут – тая трагічная мяжа, што назаўжды падзяліла Палуянаў і зрабіла адданага “мужыцкай” беларускасці сацыял-дэмакрата Сяргея “белай варонай” для самых родных яму людзей.
Пра невырашальны канфлікт, што ўзнік на глебе рэвалюцыйных і нацыянальна-адраджэнскіх поглядаў Сяргея Палуяна паміж ім і яго бацькам Епіфанам Іванавічам, ужо пісалі Т. Кабржыцкая і В. Рагойша. Лёс Дзмітыя і Рыгора, іх актыўны ўдзел у белым руху яшчэ раз пацвярджаюць: у сям’і Палуянаў высока шанавалі тыя каштоўнасці, на якіх трымалася Расійская імперыя.
Такая пазіцыя Сяргеевых родных не выклікае здзіўлення. Хутчэй наадварот: яна цалкам заканамерная. Палуяны мелі чым ганарыцца і ўсведамлялі, што сваім дабрабытам у многім абавязаныя сацыяльнаму парадку, паноўнаму ў царскай Расіі. Гаспадарскі спрыт і дбайнасць, мэтанакіраванасць і прадпрымальнасць (усе гэтыя якасці пазней, ужо ў Аргентыне, яскрава праявяцца і ў Дзмітрыя Палуяна) дазволілі ім усяго за некалькі дзесяцігоддзяў ажыццявіць імклівы ўздым па сацыяльнай лесвіцы  – перайсці з сялянскага саслоўя ў шэрагі буйных землеўласнікаў. Сяргееў дзед Іван яшчэ служыў прыгон, але, словамі класічнай паэмы, “у ласцы быў у пана”, дзякуючы чаму пасля адмены прыгонніцтва меў, як сказалі б цяпер, добрыя стартавыя магчымасці для росту: за руплівую службу (гэта, дарэчы, таксама знаходка В. Гілеўскага) у 1867 г. ён атрымаў ад графа Людвіка Ракіцкага, уладальніка Брагіна, пятнаццаць дзесяцін зямлі ў падарунак (у радаводных нататках Сяргеевага пляменніка Анатоля Шаліна, змешчаных у “Лістах у будучыню”, недакладна ўказана, што надзел падораны ўрадам[2]) і, адпаведна, не павінен быў рабіць за гэты ўчастак ніякіх дзяржаўных выплат. А ўжо Сяргееў бацька Епіфан Іванавіч выбіўся ў “паны”, стаў сапраўдным землеўласнікам – прыдбаны ім у1897 г. маёнтак Крышычы Мінскай губерніі Рэчыцкага павету Юравіцкай воласці налічваў блізу тысячы дзесяцін зямлі. Для сям’і было забяспечанае бязбеднае існаванне, і Епіфан Іванавіч з Аляксандрай Дзмітрыеўнай мелі ўсе падставы, каб спадзявацца на добрую будучыню для сваіх дзяцей. Тым болей, што ўсе яны (васьмёра!) атрымалі адукацыю, пайшоўшы ў справе асветы значна далей за бацькоў.
Палуяны – выдатны прыклад таго магутнага эканамічнага і культурнага патэнцыялу, якім валодала беларускае сялянства на мяжы ХІХ – ХХ стст. Рознабакова адораныя, цягавітыя, настойлівыя, прагныя да навукі… Якім тыповым для тагачасных беларусаў было гэтае жаданне выбіцца “ў людзі”. І які багаты плён такія сем’і мусілі б даць адроджанай да самастойнага нацыянальнага быцця Беларусі, калі б не драматычныя парадоксы Імперыі. За дабрабыт, адукацыю і сацыяльны статус трэба было заплаціць занадта дарагою цаною – поўнай адмовай ад уласнай этнанацыянальнай ідэнтычнасці.
Сяргей Палуян – немагчыма не здзіўляцца, адкуль ён браў сілы і адкуль, з якіх ідэйных крыніц вырас яго беларускі светапогляд – рашуча пайшоў насуперак Імперыі і насуперак чаканням бацькоў. Яго браты Дзмітрый і Рыгор захавалі згоду і з Імперыяй, і з бацькамі. Аднак па яшчэ адным трагічным гістарычным парадоксе (якая горкая іронія!) і Сяргей, і Дзмітрый з Рыгорам апынуліся ў савецкі час у аднолькава незайздросным становішчы – надоўга сталі персонамі nongrata.
Знаходкі Віктара Гілеўскага разгадваюць адну з даўніх сямейных таямніц Палуянаў. Разам з іншымі палуяназнаўчымі публікацыямі апошняга часу (з газеты “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Роднае слова” і інш.) гэтыя “аргентынскія” матэрыялы дапамагаюць расставіць па сваіх месцах новыя фрагменты складанага гісторыка-культурнага і літаратуразнаўчага “палуянаўскага” пазла.
Вялікая і вельмі таленавітая сям’я Палуянаў стала своеасаблівым персаналізаваным адлюстраваннем складанага гістарычнага шляху, пройдзенага беларусамі ў канцы ХІХ – ХХ стст. Яна – у розных сваіх прадстаўніках – зазнала ўсе драмы і выпрабаванні, якія выпадалі на лёс беларускіх сем’яў: і расколатасць паводле нацыянальных і ідэйных прыхільнасцей (вострыя канфлікты ідэнтычнасцей), і цяжар войнаў і рэвалюцый, і пагрозлівае залічэнне ў “кулакі”, і рэпрэсіі, і вымушаную палітычную эміграцыю. А яшчэ– толькі гэта ўжо не драма, а радасць і ўдача – вяртанне з забыцця.

Надрукавана ў часопісе "Маладосць" №9, 2018. С. 122-124.


[1]Перапетыі і вынікі тых пошукаў адлюстраваныя ў артыкуле “Слядамі знічкі: аповесць аднаго пошуку” (быў надрукаваны ў № 10 “Маладосці” за 1985 г.). Пазней гэтая публікацыя стала асновай для кнігі “Слядамі знічкі: пра Сяргея Палуяна”, што выйшла ў серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць” у 1990 г.


[2]Палуян, С. Лісты ў будучыню : Проза. Публіцыстыка. Крытыка / С. Палуян ; уклад., падрыхт. тэксту, прадм. і камент. Т. Кабржыцкай, В. Рагойшы. – Мінск : Маст. літ., 1986. – С. 158

Комментариев нет:

Отправить комментарий