четверг, 23 апреля 2020 г.

БРАТЫ СЯРГЕЯ ПАЛУЯНА


Віктар Гілеўскі




У мястэчку Брагін Рэчыцкага павета ў 1890 г. нарадзіўся і гадаваўся будучы “кіпучы метэор” беларускага нацыянальнага адраджэння Сяргей Палуян. Акрамя самога Сяргея (1890 г. н.) яго бацькі – Епіфан Іванавіч і Аляксандра Дзмітрыеўна (з Бахонак) мелі яшчэ сямёра дзяцей: Ганну (1886 г. н.), Яўгенію (1889 г. н.), Зінаіду (1892 г. н.), Людмілу (1895 г. н.), Дзмітрыя (1897 г. н.), Ангеліну (1898 г. н.) і Рыгора (1900 г. н.).
         Старэйшыя дзеці (ад Сяргея да Зінаіды) нарадзіліся ў самом Брагіне, Людміла – у Астраглядах, дзе бацька Епіфан на кароткі час узяў у арэнду зямлю, а астатнія - ва ўласным маёнтку Крышычы (зараз у Калінкавіцкім р-не).
Пра сёстраў Сяргея Палуяна вядома найболей, бо ў 1980-я гг. трох з іх (Зінаіду, Людмілу і Ангеліну), раскіданых па розных гарадах СССР (Ленінград, Кіеў і Рыга адпаведна), змаглі адшукаць Таццяна Кабржыцкая і Вячаслаў Рагойша – складальнікі стартавай для палуяназнаўства кнігі “Лісты ў будучыню”. А вось пра братоў Дзмітрыя і Рыгора звестак захавалася вобмаль. Гэта і не дзіўна: абодва воляю лёсу апынуліся далёка па-за межамі Беларусі. Паводле ўрыўчатых дадзеных, Дзмітрый памёр ад сухотаў напрыканцы 1920-х гг. дзесьці за акіянам, у Паўднёвай Амерыцы, а сувязь з Рыгорам перарвалася падчас Другой сусветнай вайны.
У сямейнай хроніцы, якую склаў Анатоль Шалін – пляменнік Сяргея, сын Ганны Палуян і Мікалая Шаліна, пра Рыгора і Дзмітрыя Палуянаў згадваецца так:

“Другі матчын брат – Дзмітрый – быў вельмі прыгожы. У эміграцыі, у Заграбе, ён скончыў нафтахімічны інстытут, затым жыў у Лацінскай Амерыцы, працаваў там на нафтавых промыслах і ў канцы 20-х памёр ад сухотаў.
Трэці брат – Рыгор – таксама атрымаў у Заграбе вышэйшую адукацыю. Быў з Дзмітрыем у Лацінскай Амерыцы, але затым вярнуўся ў Еўропу, жыў у Галандыі. Відаць, загінуў у час апошняй вайны; пасля вайны звестак пра яго ніякіх не было" [1].
Нядаўняе інтэрв’ю Т. Кабржыцкай і В. Рагойшы з Сяргеевай пляменніцай Зінаідай Дзярабінай – дачкой Зінаіды Палуян і Уладзіміра Каракіна ўтрымлівае нямала новых фактаў пра родных выбітнага нашаніўца, аднак нічога значнага да біяграфій братоў Палуянаў не дадае. Адносна Дзмітрыя і Рыгора тут – толькі адно пытанне і адзін кароткі адказ:
“– А ці ведаеце вы што-небудзь пра лёс братоў Сяргея – Дзмітрыя і Рыгора?
        На жаль, не. І мая маці, напэўна, не ведала”[2].
Праўда, рэдакцыя “ЛіМа” ў пасляслоўі да гэтай публікацыі дала інтрыгоўную падказку: некаторыя звесткі пра Рыгора Палуяна былі агучаны ў брашуры краязнаўца і педагога Я. Анапрэенкі “Здаецца мне…: эсэ пра Сяргея Палуяна”. Сярод прозвішчаў кадэтаў-эмігрантаў, якія памерлі ў Аргентыне (спіс даступны ў Інтэрнэце як «Рускі кадэцкі некропаль у Аргентыне»), Я. Анапрэенка знайшоў і імя Рыгора Палуяна (пераклад з рус. мовы наш. – В. Г.): «Палуян Рыгор Епіфанавіч. Георгіеўскі кавалер. Крымскі кадэцкі корпус, 4 выпуск (1924 г.), віцэ-ўнтэр-афіцэр. З гімназічнай лавы ўступіў у шэрагі Добраахвотніцкай арміі*. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжом 4‑ай ступені. Галіпаліец. У Югаславіі, пасля заканчэння Кадэцкага корпуса, атрымаў спецыяльнасць інжынера ў Заграбскім універсітэце. У Аргентыну пераехаў у 1949 г. Працаваў на рудніку слюды. Загінуў 28.02.1952 г. пры ўцечцы газу на рудніку “Сельва”, Альта Грасія, блізу г. Кордабы»[3].
Чаму ж родныя Рыгоравы сёстры пра гэта нічога не ведалі? Альбо тут – рэдкае супадзенне, і ў віртуальным некропалі згадваецца іншы Рыгор Епіфанавіч Палуян? Ці мог гэты чалавек – эмігрант, актыўны ўдзельнік белага руху, урангелеўскі галіпаліец – быць братам Сяргея Палуяна – гарачага рэвалюцыянера і беларускага патрыёта?
Пытанне, відаць, так і засталося б без адказу, калі б не выпадак, які не толькі ўсё прасвятліў, але і прымусіў шмат у чым па-новаму зірнуць на жыццяпіс Палуянавых братоў.

Знаёмства

 Некалькі гадоў таму, яшчэ ў 2014 годзе, на адным генеалагічным сайце я пакінуў паведамленне пра пошук нашчадкаў маіх вельмі далёкіх сваякоў – Епіфана Палуяна і Аляксандры Бахонка, ураджэнцаў мястэчка Брагін, якія пазней перасяліліся на сталае жыхарства ў Крышычы. Аднак з цягам часу пэўную інфармацыю пра іх і радавод іх сына, Сяргея Палуяна, я атрымаў з архіўных крыніц і з кнігі “Лісты ў будучыню”. Таму пра свой запыт на сайце шчасліва забыўся.
Але ў 2017 годзе на паведамленне нечакана адгукнуўся карыстальнік з імем Poluyan Alexandra (арфаграфія і пунктуацыя ніжэй захаваны. – В. Г.): «Уважаемые! Пишу Вам из Аргентины. Меня зовут Александра Полуян, дочка Дмитрия Эпифановича Полуян, родившийся в минской губернии рядом c Литвой, не знаю где точно. Семья из 8 детей. Дмитрий, Григорий и Михаил (младший умер совсем подростком в России). Дмитрий эмигрировал в 1921 из Крыма в Галлиполи. Оттуда бежал в Загреб, где выучился на инженера. В 1928 едет в Аргентину через Бремен, где он снова женится (первый брак был в Киеве 2 дочки) на Наталии Волковой в результате которого родились 3 детей: Татьяна в 1942, Игорь в 1943, и я, Александра в 1945. Дмитрий умер в 1960 году в Буэнос Айресе.
Григорий Епифанович Полуян был моим дядей. Буду признательна, если Вы со мной свяжетесь».
Паведамленне гэтае выклікала ў мяне некаторы недавер і збянтэжанасць. Як вядома, Дзмітрый Епіфанавіч Палуян памёр ад сухотаў каля 1929 г. Пра гэта казалі яго родныя сёстры! І хто такі Міхаіл, брат Дзмітрыя і Рыгора? Сярод васьмярых дзяцей Епіфана Палуяна Міхаіла дакладна не было. Супадала толькі, што Дзмітрый вучыўся ў Заграбе, у яго быў брат Рыгор і па бацьку яны абодва – Епіфанавічы. Усё астатняе – нарадзіўся блізу Літвы, меў малодшага брата Міхаіла і, самае галоўнае, дажыў да 1960 г. – гучала вельмі дзіўна. Няўжо супадзенне? Ці мала, якія Палуяны апынуліся ў Аргентыне? Прозвішча не такое ўжо рэдкае…
Каб развеяць сумневы, я выслаў на ўказаны адрас ліст і невялікі фрагмент радаводнага дрэва Сяргея Палуяна. Адказ на добрай рускай мове не прымусіў сябе чакаць. Пісала сваячка Аляксандры, бо, як высветлілася, сама Аляксандра рускай не валодае і, што самае кепскае, у апошнія гады амаль зусім страціла зрок.
У лісце пацвярджалася: «Всё, что Вы пишете, это о наших Полуянах – о нашей семье». Але для Аляксандры Палуян абсалютнай неспадзяванкай аказалася, што трэцяга з братоў клікалі не Міхаіл, а Сяргей. Ніхто сярод родных ніколі пра гэта не чуў. Паведамлялі таксама, што ў Буэнас-Айрэсе выйшла напісаная Аляксандрай кніга пра яе бацьку – Дзмітрыя Палуяна.
Да ліста прыкладаўся фотаздымак: чалавек у белай кашулі і капелюшы, з чорнай бародкай і вусамі (сапраўдны мача) паліць люльку на фоне лесу, на заднім плане ў кадр трапляе тэадаліт. Надпіс на рускай мове сведчыць: “Димитрий Еп. Полуян”.


Доўга ўглядаўся я ў гэты твар, спрабуючы зразумець: няўжо перада мною брат Сяргея Палуяна? Буйнога партрэтнага фота Дзмітрыя раней ні ў кога не было…
У наступным лісце я яшчэ раз прасіў удакладніць, ці насамрэч іх Дзмітрый Палуян меў бацькоў Епіфана Іванавіча Палуяна і Аляксандру Дзмітрыеўну з Бахонак. Запытаўся і пра фотаздымкі Дзмітрыя, Рыгора, Епіфана і Сяргея. Аляксандра ізноў усё пацвердзіла і выслала фота Дзмітрыя, Рыгора і Епіфана. Сяргеевага здымка ні ў яе, ні ў іншых аргентынскіх Палуянаў няма.
Наогул, пра Сяргея ніхто з сям’і амаль нічога не ведаў: 

«Адносна Сяргея – роўным лікам нічога; мы меркавалі, што імя трэцяга брата Міхаіл. Адзінае што, існуе сямейная легенда, згодна з якой ён памёр маладым – здзейсніў самагубства. Я памятаю, што ён наклаў на сябе рукі ў маладым узросце. Там штосьці, звязанае з рэвалюцыяй». 


 Па словах Аляксандры, у дзяцінстве яны яшчэ надта мала цікавіліся такога кшталту пытаннямі, а сам бацька, як і многія “ўцекачы”, ніколі неімкнуўся нешта падрабязна распавядаць.
Нарэшце ўсё канчаткова стала на свае месцы. Іх Міхаіл – гэта наш Сяргей. Гэта нашы Палуяны! Дзмітрый Епіфанавіч памёр не ў 1920-х гг., а ў 1960 г. і меў пяцёра дзяцей!
Чаму ж яго родным сёстрам нічога пра гэта не было вядома? Ці ўсё ж такі было?.. Які лёс Рыгора Палуяна? Усе гэтыя пытанні я планаваў задаць Аляксандры. Каб максімальна спрасціць кантактаванне, я пачаў пісаць дачцы Дзмітрыя Палуяна на іспанскай мове з дапамогай онлайн-перакладчыка. А яна карыстаецца адмысловай праграмай для людзей са слабым зрокам, якая чытае тэкст. Завязалася ліставанне.

Аляксандра Дзмітрыеўна Палуян

Цяпер прадстаўлю чытачу Аляксандру (дарэчы, поўную цёзку сваёй бабулі – маці Сяргея Палуяна): дачка Дзмітрыя Епіфанавіча Палуяна і Наталлі Волкавай. Нарадзілася ў 1945 г. у Буэнас-Айрэсе, дзе жыве і сёння. Па прафесіі – урач-псіхіятр. Замужам, дзяцей не мае.

Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са зрокам, Аляксандра Палуян працягвае працаваць псіхіятрам, і праца прыносіць ёй вялікую прыемнасць. Сябе самую яна характарызуе наступным чынам: “Мне падабаецца быць з сябрамі, мне падабаецца вучыцца, мне падабаюцца кнігі, мне падабаецца музыка, мне падабаецца жыццё”.

Як жа сталася, што маючы рускамоўных бацькоў Аляксандра Палуян не ведае рускай мовы? Справа ў тым, што Наталля Волкава – маці Аляксандры – з трохгадовага ўзросту жыла ў Францыі, куды выехала разам са сваёй маці пасля рэвалюцыі і гібелі бацькі, пецярбургскага доктара. Надзеі вярнуцца на радзіму, у Расію, відаць, не мела. Таму нават дома рускай мовай карысталася надзвычай рэдка, амаль заўжды размаўляючы па-французску.
Дзмітрый Палуян размаўляў з дзецьмі па-руску, але ўсё астатняе атачэнне – сябры, знаёмыя і школа – былі іспанскамоўнымі. Да таго ж, пасля разводу бацькоў Аляксандра і яе сястра Таццяна засталіся з маці, а вось іх старэйшы брат Ігар жыў разам з бацькам і ў выніку ведае рускую значна лепш за сясцёр.
Мяне вельмі цікавіла кніга Аляксандры Палуян пра яе бацьку. Паводле прызнання Аляксандры, выданне разлічвалася ў асноўным на “ўнутранае выкарыстанне” – для родных і блізкіх, і наклад быў зусім невялікім. Я атрымаў некаторыя фрагменты кнігі і ласкавую згоду аўтаркі выкарыстоўваць іх згодна з маімі пажаданнямі.



Дзмітрый Епіфанавіч Палуян

У сваёй кнізе «DEMETRIO POLUYAN (Dmitri Epifanovich Poluian) 1897–1960» (Буэнас-Айрэс, 2015) Аляксандра Палуян распавядае пра жыццё бацькі Дзмітрыя Палуяна ад яго нараджэння і да самай смерці. Асноўнымі крыніцамі для напісання кнігі сталіся дакументы з сямейнага архіва, фотаздымкі, што засталіся пасля бацькі, і некаторыя ўспаміны брата – Ігара Палуяна (сама Аляксандра памятае зусім мала). Адмыслова дзеля таго, каб зразумець рускамоўныя подпісы на адваротным баку старых фота, Аляксандра ў шасцідзесяцігадовым узросце ўзялася за вывучэнне рускай мовы. Аднак праз хваробу зрок імкліва пагаршаўся, і заняткі давялося спыніць. Тым не меней, кніга была завершана і пабачыла свет.
Цяпер я дам звесткі пра паходжанне і месца нараджэння Дзмітрыя Палуяна, якія былі змешчаны ў кнізе Аляксандры – так і ў той форме, як было вядома ёй і яе родным. Некаторыя дадзеныя пададуцца нам наўнымі і відавочна памылковымі, аднак іншай інфармацыяй сям’я тады не валодала. Такім чынам:

«Demetrio Poluyan, hijo de Epifanio y Alejandra Bojonko, nació en 1897 el 25 de Octubre Según el Calendario juliano que regía en Rusia hasta la revolución …»
 “Дзмітрый Палуян, сын Епіфана і Аляксандры Бахонка, нарадзіўся ў 1897 годзе, 25 кастрычніка паводле юліянскага календара, які выкарыстоўваўся ў Расіі да рэвалюцыі… Дзе ён нарадзіўся? Якім было яго дзяцінства? Як прайшло жыццё яго сям’і? Ён нарадзіўся ў Мінску, хаця я заўжды чула, што яны былі не са сталіцы, а з Мінскай губерніі.
Я чула, што яны жылі вельмі блізка ад мяжы з Літвой і хлопчыкі нават хадзілі ў школу ў Вільні ці недалёка ад сталіцы. Кажу, што гэта найболей імаверна, бо дадзеныя ў розных дакументах розняцца. Так:
1)    у шлюбным пасведчанні з мамай заяўляецца, што ён нарадзіўся ў Кіеве, Расія;
2)    у яго дыпломе інжынера сцвярджаецца, што ён нарадзіўся ў
Krisic, што адпавядае населенаму пункту ў Харватыі;
3)    у спісе пасажыраў карабля, на якім ён прыбыў сюды, напісана, што ён з Прышціны, сталіцы Сербіі ў рэгіёне Косава;
4)    у аргентынскім пасведчанні яго брата Рыгора (Грышы) сказана, што ён нарадзіўся ў Мінску, адкуль яны, вядома, і былі.
Сям’я жыла ў сельскай мясцовасці, яны лічыліся “кулакамі” (…)
Дзесьці ў сучаснай Беларусі жылі
Epifanio, Alexandra і васьмёра іх дзяцей. Сярод іх было пяць дзяўчат (і толькі адной з іх ёсць фота з мужам і дзецьмі, пра іншых нам нічога не вядома) і трое хлопцаў:
Demetrio/Mitia, Gregorio/Grisha, і Miguel/Mijaíl, альбо памяншальнае
Misha, які ў падлеткавым узросце пазбавіў сябе жыцця, павесіўшыся, відаць, з-за вайны / рэвалюцыі. Пра іх дзяцінства мы нічога не ведаем, апрача таго, што яны пайшлі ў школу ў Літве, паколькі жылі вельмі блізка да мяжы”.
Я ні ў якім разе не хачу прадставіць Аляксандру ў невыгодным святле: яна рабіла высновы на падставе наяўных у яе фактаў – недакладных і супярэчлівых. Аргентынскія Палуяны мала ведалі пра сваіх беларускіх продкаў. А пра Сяргея Палуяна, яго кароткае, але яркае жыццё, не ведалі наогул нічога. Нават імя…
Але вернемся да Дзмітрыя Палуяна і паспрабуем прасачыць яго біяграфію, грунтуючыся на кнізе Аляксандры і некаторых маіх знаходках.
Пра Дзмітрыева жыццё ў перыяд да 1917 г. па-ранейшаму застаецца вядома вельмі мала. У прыватнасці, у кнізе “Лісты ў будучыню” згадваецца (і звесткі Аляксандры гэта ўскосна пацвердзілі), што і Дзмітрый, і яго малодшы брат Рыгор скончылі Мітаўскае рэальнае вучылішча[4].
Наступны важны біяграфічны факт – узяцце шлюбу: упершыню Дзмітрый Палуян ажаніўся 28 верасня 1916 г., вянчанне адбылося ў царкве Смуткуючай Маці Божай у Кіеве. Яго першая жонка – Неаніла Бакуненка. Пазней шлюб быў скасаваны, пасведчанне аб чым захоўваецца ў Аляксандры (пра акалічнасці скасавання напішу ніжэй).

У Дзмітрыя і Неанілы нарадзіліся дзве дачкі: Зінаіда і Тамара. Мяркуючы па асобных іх дзіцячых фотаздымках, што сёння зберагаюцца ў Аргентыне, розніца ва ўросце дзяўчат складае прыблізна адзін – два гады. Умоўна час іх нараджэння – 1917 і 1919 гг. адпаведна.
 Збіраючы мазаіку з адрывачных і разрозненых дадзеных, дадамо сюды яшчэ некалькі фактаў.
Перш за ўсё – тыя, што прывёў Антоль Шалін ва ўжо згаданай яго сямейнай хроніцы. Пляменнік Сяргея Палуяна піша пра хату для млынара ў Крышычах, у якой з лета 1918 па восень 1920 гг. тулілася ўся сям’я, паколькі праз вайну і рэвалюцыю дзед – Епіфан Палуян – не паспеў пабудаваць новы дом (стары прадаў яшчэ ў 1913 г.). Там размяшчаліся кухня з вялікай печчу і досыць прасторны пакой, дзе ўсе і жылі: дзед з бабуляй, бацькі Анатоля (Ганна і Мікалай Шаліны) і трое іх дзяцей. Хапала месца і для цёткі Яўгеніі з дзецьмі (яна бывала ўлетку), “размяшчаўся і дзядзька Міця з сям’ёй, калі прыязджаў наведаць бацькоў…”[5]. Шалінаўская ўзгадка пра дзядзьку Міцю дае падставы меркаваць, што пасля 1917 г. Дзмітрый пэўны час знаходзіўся з жонкай у Кіеве, адтуль і наведваючыся ў Крышычы разам з ёю і дочкамі.
Якім быў для Дзмітрыя Палуяна, а таксама яго брата Рыгора пачатак 1920‑х гг., дазваляе зразумець кароткая інфармацыя пра іх, зафіксаваная ў базе дадзеных расійскага гісторыка С.У. Волкава “Удзельнікі Белага руху ў Расіі”[6] (пераклад з рус. мовы наш. – В. Г.): “Палуян Дзмітрый Епіфанавіч. Мікалаеўскае артылерыйскае вучылішча* 1917. Прапаршчык коннай артылерыі. Ва УСПР* і Рускай Арміі** ў зводнай батарэі 2-га конна-артылерыйскага дывізіёна да эвакуацыі Крыма. Штабс-капітан. Эвакуіраваны на караблі “Аю-Даг”. У эміграцыі на 1922 у Югаславіі”; “Палуян Рыгор Епіфанавіч. Ва УСПР і Рускай Арміі да эвакуацыі Крыма. Георгіеўскі крыж 4 ст. У эміграцыі ў Югаславіі. Скончыў Крымскі кадэцкі корпус 1924, універсітэт. Інжынер. (…)”.
Такім чынам, у 1919–1920 гг. (магчыма, і раней) абодва браты Палуяны непасрэдна ўдзельнічалі ў баях Грамадзянскай вайны, са зброяй у руках змагаючыся за “адзіную, вялікую і непадзельную Расію”. У лістападзе 1920 г. разам з апошнімі ацалелымі часткамі Рускай Арміі (усяго каля 150 тыс. чалавек – ваенныя і грамадзянскія чыны, члены іх сем’яў), Дзмітрый і Рыгор па моры эвакуіраваліся з Крыму на турэцкі паўвостраў Галіпалі, дзе блізу аднайменнага горада быў створаны адмысловы вайсковы лагер (налічваў каля 30 тыс. чалавек). Тут, у так званым “галіпалійскім сядзенні”, у скрайне цяжкіх побытавых умовах (размяшчэнне ў палатках і зямлянках, мінімальнае харчаванне), браты Палуяны правялі блізу аднаго года.
Увесну 1921 г. белае камандаванне на чале з генералам П.М. Урангелем пайшло на вымушанае рашэнне пра паступовы роспуск галіпалійцаў. Большасць з былых вайскоўцаў перасялілася ў славянскія краіны Еўропы – найперш Сербію і Балгарыю. У Цэнтральную Еўропу скіраваліся і Палуяны. Пра тое, што Дзмітрый і Рыгор знаходзіліся ў Галіпалі, іх аргентынскія родныя ведалі толькі па двух узнагародах – чорных “Галіпалійскіх крыжах” . Самі браты ніколі не распавядалі пра ўдзел у “галіпалійскім сядзенні”, хаця ў колах рускай эміграцыі яно ацэньвалася як узор вайсковай годнасці і вернасці ідэалам.
“Верасень 1921 года, Бялград” – гэткая кароткая пазнака на адваротным баку аднаго з фотаздымкаў Дзмітрыя Палуяна фіксуе пачатак новага этапу ў яго жыцці – прыбыццё з Галіпалі ў Югаславію (тады – Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў). З Бялграду Дзмітрый неўзабаве перабіраецца ў Заграб, дзе паступае ў мясцовы ўніверсітэт на факультэт грамадзянскага будаўніцтва. Нягледзячы на цяжкасці – дзеля аплаты навучання давялося падпрацоўваць і шаўцом, і настаўнікам танцаў – скончыць універсітэт усё ж такі ўдалося. Дыплом пра завяршэнне вышэйшай адукацыі, які сёння захоўваецца ў Аляксандры Палуян, быў атрыманы Дзмітрыем у 1926 г. Дакумент пацвярджае, што:

Gospodin Dimitrij Polujan roden dne 25 listopada 1897 u Krišiči ... і ў перыяд 1921/22 – 1924/25 гг. навучаўся ў Kr. Tehnička visoka škola u Zagrebu, атрымаўшы прафесію inženjer” 26 ožujka 1926.
 
Менавіта ў бацькавым універсітэцкім дыпломе Аляксандра Палуян упершыню ўбачыла назву маёнтка Палуянаў – Крышычы, але, арыентуючыся на звесткі з Інтэрнэта, памылкова палічыла, што яны знаходзяцца ў Харватыі.
З важнай жыццёвай падзеяй – атрыманнем дыплома інжынера – Дзмітрыя павіншавала яго старэйшая сястра Ганна Епіфанаўна Шаліна. Яна разам з мужам і дзецьмі жыла на той час не ў Савецкім Саюзе, а ў сталіцы маладой буржуазнай Латвіі – Рызе, што значна спрашчала кантактаванне з братамі-эмігрантамі. У якасці памятнага падарунка Ганна выслала Дзмітрыю сямейнае фота, надпіс на заднім баку якога шмат кажа пра стасункі паміж дзецьмі Епіфана Палуяна і тыя светапоглядныя каштоўнасці, што патрымліваліся ў іх сем’ях: 
«Дорогой Митя! Поздравляю тебя с окончанием курса и со вступлением в новую жизнь. Дай Бог тебе успехов и здоровья, а также всего нужного всей твоей семье. За твои труды и терпение без сомнения Бог вознаградит тебя успехом. В добрый час! Посылаю тебе нашу семейную карточку. Снимались ко дню нашего свадебного юбилея (20 лет) 28.1.1926 г. на добрую память и особенно тебе как активному участнику на нашем свадебном торжестве, ведь ты нес нам, будучи 6 летним мальчиком, икону. Твои А. и Н. Шалины».



Гэты здымак – адзінае фота сястры Ганны, што мелася ў Дзмітрыя Палуяна ў Аргентыне. Фатаграфій іншых сёстраў Дзмітрый наогул не меў. Праўда, Аляксандра Палуян не змагла сама расчытаць прозвішча сваёй цёткі – Шаліна – і даведалася яго толькі з маіх лістоў.
Дароўны надпіс на фотаздымку яшчэ раз пацвярджае, што Ганна Епіфанаўна ведала пра сям’ю Дзмітрыя – яго жонку Неанілу і малых яшчэ тады дачок. Хутчэй за ўсё, Дзмітрыевай сястры было вядомае і месца пражывання Неанілы з дзяўчатамі. Значыць, пра гэта павінны былі ведаць і іншыя сёстры. Але ні Людміла, ні Зінаіда, ні Ангеліна пры гутарках з даследчыкамі не згадалі пра дзяцей брата Дзмітрыя. Магчыма, пасля Другой сусветнай вайны яны згубілі сувязь з пляменніцамі. Альбо з Зінаідай і Тамарай нешта здарылася? Сёння ні ў Аргентыне, ні на постсавецкай прасторы ніхто не можа даць пэўнага адказу на гэтае пытанне.
Між тым, апынуўшыся ў эміграцыі, Дзмітрый Палуян выйшаў на сувязь з жонкай. Сярод старых фотаздымкаў захавалася фатаграфія яго дачок ва ўзросце каля трох і пяці гадоў, якая была перасланая Неанілай з Ноўгарад-Северскага (Украіна, Чарнігаўская вобл.) прыблізна падчас Дзмітрыевага навучання ў Заграбе.
Сітуацыя была няпростай для абодвух сужэнцаў: ён – белагвардзеец, штабс-капітан арміі барона Урангеля, заўзяты праціўнік савецкай улады; жонка і дзеці – грамадзяне СССР, дзе з кожным днём мацнелі ўстаноўкі на пошук ворагаў – вонкавых і ўнутраных, а магчымасці выезду за мяжу ўсё менелі. Ці мела сям’я шанцы на з’яднанне?
Хутчэй за ўсё менавіта страта надзеі зноў быць разам прымусіла Дзмітрыя Палуяна задумацца пра афіцыйнае скасаванне шлюбу. Гэта вызваляла і яго самога, і жонку ад абяцанняў, дадзеных адзін перад адным, людзьмі і Богам. На практычную рэалізацыю такога кроку не магла не паўплываць і тая акалічнасць, што прыблізна ў сярэдзіне 1927 г. Дзмітрый прыняў лёсавызначальнае рашэнне пра пераезд на працу ў Аргентыну.
Згодна з пасведчаннем, выдадзеным Дзмітрыю Палуяну Епіскапскім Саветам, фармальнай прычынай разводу сталася “безвестное отсутствие более трех лет жены – Неонилы Григорьевны Полуян”. Так драматычна ірваліся сувязі з мінулым. Наперадзе чакала новае жыццё за тысячы кіламетраў ад радзімы і сваякоў.
Аляксандра Палуян піша ў сваёй кнізе: “8 кастрычніка 1927 года ён выправіўся ў Брэмен, партовы горад паўночна-заходняй Германіі, на карабель пад назваю Weser у якасці пасажыра № 119 са 120 чалавек, якія ехалі ў 3-м класе. Weser зрабіў прыпынкі ў Сантасе і Монтэвідэа з канечным пунктам прызначэння ў Буэнас-Айрэсе”.
У Аргентыну Дзмітрый Палуян прыбывае ў лістападзе 1927 г. Яго высадку на берагі Лацінскай Амерыкі пацвярджае адмысловы сертыфікат прыбыцця – першы дакумент, атрыманы ў новай краіне.
Сёння можна толькі здагадвацца, чаму Дзмітрый выпраўляўся ў заакіянскае падарожжа з Брэмена, бо мы не ведаем, чым ён займаўся і дзе жыў пасля завяршэння ўніверсітэта. Ёсць таксама пытанні па асобных пунктах сертыфіката: веравызнанне – каталік, месца нараджэння – Кіеў?

Епіфан Палуян
З Аргентыны Дзмітрый звязаўся з роднымі: у маі 1928 г. бацька Епіфан Іванавіч дасылае сыну на новае месца жыхарства свой фотаздымак. На адвароце – надпіс: Милому моему дорогому Мите от папы. 12 мая 1928 г. Мозырь.
У Паўднёвай Амерыцы Дзмітрый пачаў працаваць у сферы разведкі і здабычы нафты. Аляксандра Палуян мяркуе, што яго магла наняць на працу амерыканская нафтавая кампанія, даччыная фірма якой знаходзілася ў Еўропе. Фота Дзмітрыя з тэадалітам на заднім плане, што я атрымаў на самым пачатку ліставання з Аляксандрай, было зроблена якраз у той перыяд (каля 1929 г.) – у трапічных лясах на мяжы Аргентыны і Балівіі. Паводле звестак Аляксандры, у гэты час ён ужо захварэў на сухоты, схуднеў. Яму патрабавалася лячэнне.
Пра яго хваробу ведалі і сёстры. Але па невядомых прычынах яны пазней сцвярджалі, што Дзмітрый захварэў і …памёр. Магчыма, ён сам даў падставы лічыць сябе памерлым, перапыніўшы кантакты з Савецкім Саюзам, – разумеў, як дорага для блізкіх людзей могуць каштаваць яго белагвардзейства і эміграцыя. А магчыма, сёстры да канца жыцця вымушана хавалі праўду пра лёс брата. Яны таксама ўсё разумелі (як мы ведаем з кнігі Аляксандры, Палуяны лічыліся “кулакамі”, а паводле звестак, агучаных у апошніх публікацыях[7], старэйшая, Ганна, доўгі час правяла ў лагерах). Патлумачыць, чаму сувязь з сёстрамі ў бацькі перарвалася, не здолела і Аляксандра Палуян.
Такім чынам, афіцыйна вядомая ў Беларусі версія жыцця Дзмітрыя Епіфанавіча Палуяна сканчалася хваробай і смерцю ў далёкай Аргентыне. Цяпер даведаемся, што ж адбылося пасля яго цудоўнага “ўваскрашэння”.
Два гады жыцця ў цяжкіх умовах вільготнага трапічнага лесу далі свае плады – Дзмітрыю патрабавалася лячэнне. Аргентына вядомая сваім разнастайным кліматам: на поўначы – джунглі, на поўдні – горы, у цэнтры – плато з чыстым паветрам. І Дзмітрый выпраўляецца ў цэнтральную частку – у правінцыю Кордаба.
У 1930 г. ён купляе каля 11 гектараў зямлі ў г. Альта Грасія і будуе на іх некалькі дамоў – аднасямейных, катэджнага тыпу, у басцкім стылі. Па словах Аляксандры, гэта быў бізнэс: дамы потым прадаваліся разам з прылеглым участкам. Гэты раён у Альта Грасія дагэтуль мае назву Barrio Poluyan, што ў нашым разуменні гучыць як “Палуянаўшчына”. Яна пазначана на многіх аргентынскіх картах – B° Poluyan! А пабудаваныя Дзмітрыем Палуянам дамы дагэтуль стаяць, толькі ў іх ужо іншыя ўладальнікі.





Сам Дзмітрый шмат гадоў жыў у доме на вуліцы
Margarita Funes.

Цікава, што тады ж у Альта Грасія жыў і Эрнэста Чэ Гевара.


Ці не адзіныя, з кім дакладна яшчэ падтрымліваў сувязь Дзмітрый Палуян у 1930-я гг., былі яго дочкі Зінаіда і Тамара: у 1932 г. і прыблізна ў 
канцы 1930-х – пачатку 1940-х гг. яны дасылалі бацьку свае фота.
Зінаіда


Тамара

На апошнім з іх у Тамары можна ўбачыць значкі “Гатовы да санітарнай абароны” 2 ступені і “Варашылаўскі стралок”, якія насіла савецкая моладзь таго перыяду. Як ужо адзначалася, пра далейшы лёс дачок Дзмітрыя ад першага шлюбу сёння нічога не вядома. Адзіны іх след – у г. Ноўгарад-Северскім ва Украіне.
У 1941 г. Дзмітрый Палуян разам з другой жонкай – Наталляй Волкавай – пражывае ўжо ў сталіцы Аргентыны – Буэнас-Айрэсе. У 1942 г. у іх нараджаецца дачка Таццяна, у 1943 – сын Ігар, а ў 1945 – малодшая, Аляксандра. Тут, у Буэнас-Айрэсе, Дзмітрый працягвае займацца будаўніцтвам дамоў на продаж. Яны захаваліся да сённяшняга дня.
Аляксандра запомніла свайго бацьку як чалавека таварыскага, гасціннага. У яго было шмат сяброў і ён любіў бавіць з імі час. Дзмітрый добра танчыў, меў цудоўны голас і выдатна спяваў.
Вядома таксама, што ў 1946 г. Дзмітрый Палуян стаў заснавальнікам (дырэктарам) часопіса “Звено”, які выходзіў у Буэнас-Айрэсе адзін раз у месяц на рускай мове. Выданне пазіцыянавалася як грамадскі, літаратурна-мастацкі і навуковы штомесячнік.

Рыгор Епіфанавіч Палуян

Згодна са звесткамі С.У. Волкава, на якія я ўжо спасылаўся, Рыгор Палуян, як і яго старэйшы брат Дзмітрый, пасля Галіпалі шукаў сабе прытулку ў Югаславіі. Тут у 1924 г. ён завяршае няскончаную, відаць, у Расійскай Імперыі сярэднюю адукацыю – атрымлівае атэстат Крымскага кадэцкага корпуса, які пасля эвакуацыі з Крыма размясціўся ў Бела-Цркве. 

Дзмітрый і Рыгор Палуяны.
Заграб, 1927 год.
Па завяршэнні кадэцкай вучэльні Рыгор пераязджае ў Заграб, дзе паступае ва ўніверсітэт на той самы факультэт грамадзянскага будаўніцтва, на якім вучыцца Дзмітрый. У 1927 г. браты расстаюцца – старэйшы выпраўляецца ў Аргентыну. Перад Дзмітрыевым ад’ездам у Заграбе было зроблена фота на памяць, якое высылалася і сёстрам (упершыню яго апублікавалі ў “Маладосці” яшчэ ў 1985 г., праўда, датаванае яно было не зусім дакладна – 1928, а не 1927 г.[8]).
У кнізе Аляксандры Палуян досыць сціслая інфармацыя пра бацькавага брата, асабліва пра перыяд яго жыцця да прыбыцця ў Аргентыну. Сёння дзякуючы дапамозе аргентынскіх сваякоў Рыгора Епіфанавіча і асобным Інтэрнэт-публікацыям мне ўдалося запоўніць некаторыя прабелы ў яго біяграфіі.
Вядома, што Рыгор не меў сваіх дзяцей, але ў яго быў пасынак Ігар Мікалаевіч Шмітаў (1922–1982) – сын яго жонкі Зінаіды Дорман ад першага шлюбу. У Ігара – культурнага дзеяча і мастака, вядомага сваімі працамі на рэлігійную тэматыку, – засталося трое сыноў і жонка Зоя Аляксандраўна Шмітава, якая жыве ў Буэнас-Айрэсе, у адным з дамоў, пабудаваных Дзмітрыем Палуянам. Я звязаўся з ёю.
Зоя Аляксандраўна нарадзілася ў Харкаве ў 1927 г. Яна ўваходзіць у лік заснавальнікаў Рускага Дзіцячага тэатра ў Буэнас-Айрэсе. Нягледзячы на дзевяностагадовы ўзрост, часта і з ахвотаю карыстаецца Інтэрнэтам: “А я вось сяджу дома за камп’ютарам, захапляюся неверагоднымі магчымасцямі сучасных тэхналогій, карыстаюся Гугл, дзе знаходжу часам вельмі цікавыя рэчы…” (пераклад з руск. мовы наш. – В. Г.). Пасля Другой сусветнай вайны Зоя з маці апынуліся ў Рэгенсбургу (Германія), дзе і пазнаёмілася з Ігарам Шмітавым і яго айчымам Рыгорам Палуянам. Свайго свёкра Рыгора Епіфанавіча Зоя Аляксандраўна запомніла як чалавека мяккага, уважлівага. Ён вельмі любіў жонку і клапаціўся пра яе здароўе.
Але вернемся ў канец 1920-х: у 1929 г. Рыгор завяршае ўніверсітэт у Заграбе і атрымлівае дыплом інжынера-будаўніка. Яшчэ падчас навучання ён знаёміцца з Зінаідай Міхайлаўнай Дорман – дачкою рускага генерала Міхаіла Дормана, расстралянага ў 1918 г. бальшавікамі[9]. На момант знаёмства ў Зінаіды ўжо быў сын Ігар, а муж пакінуў сям’ю. Зінаіда падпрацоўвала перакладамі і ўрокамі французскай мовы.
Шлюб быў заключаны ў красавіку 1934 г. Вянчаліся ў Заграбе, у царкве Ператварэння Гасподняга. Арыгінал метрычнага запісу – на сербскай мове (ёсць таксама пераклад на англійскую і іспанскую). З дакумента мы ўпершыню даведваемся дакладную дату нараджэння Рыгора Палуяна:

“Жаніх: Рыгор Епіфанавіч Палуян, інжынер-будаўнік, сын Епіфана, землеўладальніка і Аляксандры Бахонка, абодва рускія. Месца нараджэння: Крышычы, Рэчыцкага пав., Мінскай губ., Расія. Адрас пражывання: Заграб, Пантаўчак, № 69. Дата нараджэння: 14/27.11. 1900.
Нявеста: Зінаіда Міхайлаўна, разведз. Шмітава, у дзявоц. Дорман, настаўнік мовы, дачка Міхаіла Дормана, генерала рускай арміі і Лідзіі Вяроўкінай, абодва рускія. Месца нараджэння: Масква, Расія. Дата нараджэння: 8/21.03.1901”.
 
   Зоя Шмітава паведамляе, што Рыгор Епіфанавіч працаваў інжынерам-будаўніком і па працоўных пытаннях быў вымушаны часта пераязджаць з горада ў горад. Але пастаянным месцам жыхарства заставаўся Заграб.
Так працягвалася да 1941 г., калі ўсё змяніла вайна. 17 красавіка 1941 г. Югаславія капітулявала перад гітлераўскай Германіяй. А ўжо праз два месяцы салдаты Вермахта перайшлі мяжу СССР. Многімі эмігрантамі гэта было ўспрынята як магчымасць нарэшце вярнуцца ў “Расію” і “выратаваць” яе. Нямецкая прапаганда ўлавіла такія настроі і актыўна выкарыстоўвала іх: паўсюдна паведамлялася, што галоўная мэта паходу на СССР – знішчэнне бальшавізму. Тыя, хто паверыў, рушылі разам з немцамі на ўсход. Сярод іх былі і Рыгор Палуян з сям’ёю: “Увосень 1941 г. адна нямецкая фірма зрабіла сярод рускіх эмігрантаў набор чарцёжнікаў і перакладчыкаў для свайго аддзялення пад Кіевам. У гэтую групу запісаліся Ігар (Мікалаевіч) Шмітаў (1922–1982) з айчымам і маці, абодва, як амаль і ўсе іншыя, сябры НПС*. Нягледзячы на дамову, што людзі будуць працаваць чарцёжнікамі і перакладчыкамі, Шмітаву і яшчэ некалькім маладым немцы хацелі выдаць вінтоўкі і даслаць ахоўваць ваеннапалонных, што працавалі на нямецкую фірму. Бясспрэчна, ніхто на гэта не пагадзіўся. Немцам нагадалі, што ўсе яны харвацкія падданыя і запатрабавалі выканання ўмоў дамовы. Немцы саступілі, але, вядома, засталіся незадаволенымі. Да таго ж немцы былі незадаволеныя, што рускія знайшлі хутка агульную мову з мясцовым насельніцтвам, што не ўваходзіла ў іх планы”[10].
Не можа не звярнуць на сябе ўвагу, што Рыгор Палуян кіраваўся ў бок Кіева – горада, важнага для ўсіх Палуянаў і вельмі блізкага да родных ім Крышычаў. На жаль, не ўдалося высветліць, ці меў на мэце і ці здолеў тады Рыгор патрапіць у апусцелы бацькавы маёнтак (самога Епіфана Палуяна сярод жывых ужо не было).
З публікацыі ў скаўцкім часопісе “Опыт”, прысвечанай Рыгоравай жонцы Зінаідзе Палуян (была ўдзельніцай скаўцкага руху), даведваемся, што пад Кіевам, у калгасе “Глыбокая даліна” (ля шашы Кіеў – Пераяслаўль) яна арганізавала дапамогу хворым і параненым савецкім ваеннапалонным, узятым у Кіеўскім акружэнні. Па нядзелях Зінаіда з Рыгорам або з сынам Ігарам на санях скіроўвалася ў суседнія вёскі, каб прасіць у мясцовых жыхароў харчы для сваіх падапечных. Рыгор Палуян пабываў таксама на ўзнаўленні мастоў ля г. Ізюм. Пазней, пры адступленні нямецкіх войскаў, разам з Зінаідай вярнуўся ў Вену; адтуль перабраліся ў Рэгенсбург, які ў 1945 г. апынуўся ў амерыканскай зоне акупацыі Германіі[11].
У Рэгенсбургу рускія эмігранты здолелі аб’яднацца і арганізаваць па-за мясцовым лагерам DP (Displaced Persons – перамешчаныя асобы) клуб “Православная Община”. Гэта, па сутнасці, быў рускі камітэт, дзе аказвалі як матэрыяльную, так і юрыдычную дапамогу тым, хто меў у ёй неабходнасць. Пры клубе месцілася сталоўка, куды маці Зоі Аляксадраўны ўладкавалася падавальніцай. Загадчыкам сталоўкі працаваў Рыгор Епіфанавіч Палуян, які неўзабаве (у 1946 г.) стаў свёкрам Зоі. У Рэгенсбургу Рыгор прымаў таксама ўдзел у выпуску штотыднёвай газеты “Эхо”.
Сёстры Сяргея Палуяна ўзгадвалі, што Рыгор у ваенны час знаходзіўся ў Галандыі, пасля чаго сувязь з ім перарвалася і яго палічылі загінуўшым. Але ні ў Аляксандры Палуян, ні ў Зоі Шмітавай пра Галандыю няма ніякіх звестак.
З лагера DP у Рыгора Палуяна з’явілася магчымасць пераехаць на сталае жыхарства ў ЗША. Аднак жонка не праходзіла па стане здароўя – у яе былі даўнія сухоты. Узніклі таксама праблемы з запрашэннем, якое патрабавалася для выезду. І тады брат Дзмітрый прапанаваў скіравацца да яго – у Аргентыну, выслаў адпаведныя дакументы. Рыгор і Зінаіда паспяхова атрымалі аргентынскую візу і 2 кастрычніка 1948 г. на караблі “Іtalia прыбылі ў Буэнас-Айрэс.
Рыгор Палуян
Дзмітрый пасяліў іх у адным са сваіх дамоў у Алівасе – прыгарадзе Вялікага Буэнас-Айрэса. Але “ўцекачы” абсалютна не ведалі іспанскай мовы і не маглі знайсці прыстойнай працы. Таму Дзмітрый спачатку ўладкоўвае брата ва ўласную краму па продажы слюды, а пазней прапануе яму стаць кіраўніком на сваёй слюдзяной шахце. Прапануе досыць настойліва. На жаль, гэтая настойлівасць у будучыні дорага яму каштавала – Дзмітрый шкадаваў пра яе да канца жыцця.


 Трагедыя ў шахце


Аляксандра Палуян піша, што шахта Дзмітрыя Палуяна “Ла Сэльва” знаходзілася на адлегласці каля 700 км. ад Аліваса, на рацэ Сан-Хасэ побач з горадам Сан-Клемэнта. У шахце вялася здабыча слюды і кварцу. Частка слюды ішла на продаж, а астатняя дастаўлялася на апрацоўку ў Буэнас-Айрэс – у майстэрню, дзе працавала больш за 30 чалавек. Умовы на ранча каля рудніка былі досыць няпростыя: хаціна без электрычнасці і газу, вада – з ручая; у радыюсе 4 кіламетраў – ніводнай жывой душы.
Рыгор даў згоду ў снежні 1951 г. – дамовіліся, што ён проста з’ездзіць на шахту, каб пазнаёміцца з месцам. Але ўжо ў пачатку 1952 г. на ранча прыехала ўся сям’я – правесці лета (для Аргентыны гэта снежань – сакавік) на свежым паветры.
Звычайна на шахце працавала каля 10 чалавек. Але ў той ракавы дзень засталіся толькі сваякі Рыгора: Зінаіда з унукам Дзмітрыем (Масікам), брат Зінаіды Уладзімір Дорман з жонкай Марыяй (Марай) і дачкой Лідзіяй (Лалай), а таксама бацькі Марыі – Аляксандр Несцярэнка, палкоўнік Рускай арміі, і яго жонка Сафія.
Вось як апісвае трагедыю Зоя Аляксандраўна Шмітава (паводле паліцэйскіх пратаколаў і расповедаў дзяцей): “28 лютага ўся Аргентына ладзіла карнавалы і ў шахце не было ніводнага работніка. Гэта быў трыццаты дзень нараджэння Мары – з гэтай нагоды ўсе сабраліся на кухні. На прымусе смажыліся класічныя рускія піражкі. Паколькі ў апошнія тыдні рухавік у шахце пастаянна псаваўся, дзядька Вова (Уладзімір Дорман, брат маёй свякрові), вырашыў пайсці і праверыць, ці ўсё ў парадку. Убачыўшы, што ён затрымліваецца, мой свёкар Рыгор Палуян пайшоў адшукаць яго і таксама не вярнуўся. Устрывожаныя, яны адзін за адным скіроўваліся ў шахту, дзе іх чакала смерць.
Як мне потым распавялі, выхлапы рухавіка (двухвокіс вуглярода) былі вельмі цяжкія – слаліся па зямлі. Як толькі чалавек удыхаў іх, адразу губляў прытомнасць. Бабуля Лалы нават не спускалася ў шахту – надыхалася газу звонку і памерла. Сабачка, што быў з ёю – таксама.
На ранча засталіся двое малых дзяцей. Лале было каля пяці гадоў, Масіку – на год меней. Калі стала цёмна, яны выправіліся да шахты шукаць дарослых. Пабачыўшы бабулю, Лала пачала трэсці яе, мяркуючы, што тая спіць. А калі зразумелі, што бабуля мёртвая – пабеглі дахаты і зачыніліся. Ад прымусу запалілі свечку, забрыкадаваліся ў пакоі і ўсю ноч праплакалі. На наступны дзень іх знайшоў хлопчык-малочнік, які звычайна прыносіў зранку малако”.
Усе шасцёра, што загінулі на шахце “Ла Сэльва”, былі пахаваныя на могілках Сан-Хераніма ў сталіцы Кордабы. Так раптоўна абарвалося жыццё Рыгора Епіфанавіча Палуяна. Раптоўна, але гэта не быў непрадказальны выкід газу, якія часам здараюцца на рудніках. Пра няспраўнасць рухавіка ведалі, і бяду можна было прадухіліць.
Дзмітрый Палуян
Трагедыя змяніла жыццё Дзмітрыя Палуяна. У дзень аварыі ён знаходзіўся за 700 км. ад шахты – у Буэнас-Айрэсе. Даведаўшыся, адразу ж прыбыў на месца. І вінаваціў ва ўсім толькі сябе… Замкнуўся, адасобіўся ад усіх, пачаў выпіваць. Ранейшага Дзмітрыя – вясёлага, таварыскага – болей не было. Адносіны з жонкай, Наталляй Волкавай, якія пахіснуліся яшчэ раней, цяпер зусім пагоршыліся. Далей – развод, падзел маёмасці і дзяцей…
Дзмітрый Епіфанавіч памёр 16 верасня 1960 г. – у 63 гады.
Быў пахаваны на Брытанскіх могілках Буэнас-Айрэса, пазней перазахаваны ў «Jardín de Paz» (“Сад міру”) – прыватных могілках-парку, размешчаных у Pablo Nogués, раёне на паўночным захадзе Вялікага Буэнас-Айрэса. Я запытаўся ў Аляксандры пра фота Дзмітрыевай магілы, але высветлілася, што на могілках такога тыпу не ставяць адмысловых помнікаў – толькі невялікія стандартныя пліты з надпісам.
Рыгор Палуян з жонкай Зінаідай таксама перазахаваныя. Прах перавезлі спачатку ў Альта-Грасія, а адносна нядаўна адміністрацыя тамтэйшых могілак перанесла яго ў агульную магілу (так адбываецца, калі родныя – пасля смерці Дзмітрыя Палуяна пра магілу клапацілася сястра Зінаіды Палуян Алена Бянкевіч – не могуць аплачваць арэнду ўчастка). На агульных магілах няма ні спісу пахаваных, ні месца для кветак…

Замест заключэння


Дзмітрый Епіфанавіч Палуян – афіцэр Рускай арміі, інжынер і паспяховы прадпрымальнік – пакінуў у Аргентыне трох дзяцей. Пра Аляксандру, з майго знаёмства з якой пачалося гэтае невялікае даследаванне, я ўжо напісаў. Таццяна – хатняя гаспадыня, мае дзяцей. Ігар – грамадзянскі пілот «Aerolineas Argentinas», цяпер на пенсіі; двое яго сыноў таксама працуюць у «Aerolineas Argentinas», дачка – менеджар вядомага ў Аргентыне гурта
«Los Pericos». А яшчэ ў Буэнас-Айрэсе і Альта-Грасія дагэтуль стаяць пабудаваныя Дзмітрыем дамы, і на картах Альта-Грасія пазначаны нават цэлы раён Barrio Poluyan – Палуянаўшчына.
У доме ж Дзмітрыевага брата Рыгора і цяпер вісіць на сцяне фотаздымак усёй вялікай сям’і Палуянаў, зроблены ў далёкім ад аргентынскай сталіцы Мазыры яшчэ ў 1904 г. – на Раство. Гэта тая самая фатаграфія, што змяшчалася ў кнізе “Лісты ў будучыню”. 



Сям'я Палуянаў. Мазыр, 1904
Па-ранейшаму глядзяць з яе брагінцы: дзед Іван, бацька Епіфан з маці Аляксандраю і васьмёра іх дзяцей – такіх розных, але і такіх падобных. Рыгор захоўваў дарагое фота ўсё сваё жыццё, прайшоўшы доўгі шлях ад беларускіх Крышычаў да Буэнас-Айрэса. Шлях няпросты і неадназначны, на якім ён імкнуўся выбіраць найперш тое, што падказвала яму сумленне і патрабаваў ваенны абавязак – прынесеная калісьці прысяга.
Аляксандра Палуян шчыра прызналася мне ў адным з лістоў, што раней ведала пра Беларусь самы мінімум: гэтая краіна месціцца паміж Украінай і Літвою. А Мінская губернія, дзе нарадзіліся бацька і дзядзька Рыгор, была для Аляксандры толькі часткаю вялікай і магутнай Расійскай Імперыі. Усё. Паколькі Дзмітрый сам ніколі не згадваў пра беларусаў, яго дачка, як і ўсе астатнія, лічыла яго рускім.
Але нейкая невытлумачальная цяга да Беларусі, у прыватнасці – цікавасць да чарнобыльскай тэмы (такой балючай якраз для роднай Палуянам Брагіншчыны!), усё ж існавала. У асабістым календары Аляксандры пазначана дата 26 красавіка, а кніга Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва” была прачытаная адразу ж пасля таго, як з’явілася ў іспанскім перакладзе.
Цяпер Аляксандра з вялікім інтарэсам узялася за вывучэнне гісторыі і культуры Беларусі. Дачка Дзмітрыя Палуяна адкрывае для сябе краіну продкаў, якую так апантана любіў яшчэ адзін яе дзядзька – Сяргей. А мне здаецца, што аргентынскія Палуяны пасля шматгадовых падарожжаў і блуканняў нарэшце пачынаюць разумець, дзе іх сапраўдныя карані, а значыць – хто яны самі…

Надрукавана ў “Маладосць” №9, 2018. С. 125-138.

Падрыхтоўка да друку Таццяны Вабішчэвіч








[1] Палуян, С. Лісты ў будучыню : Проза. Публіцыстыка. Крытыка / С. Палуян ; уклад., падрыхт. тэксту, прадм. і камент. Т. Кабржыцкай, В. Рагойшы. – Мінск : Маст. літ., 1986. – С. 160–161.
[2] Кабржыцкая, Т. Зінаіда Дзярабіна, пляменніца Сяргея Палуяна: “Сяргей быў вельмі ўпарты, заўсёды даводзіў сваё…” / Т. Кабржыцкая, В. Рагойша // Літ. і маст. – 2015. – 23 кастр. (№ 42). – С. 7.
* Аператыўна-стратэгічнае згуртаванне Белай арміі на поўдні Расійскай імперыі ў 1917–1920 гг.
[3] Анапрэенка, Я.Р. Здаецца мне…: эсэ пра Сяргея Палуяна / Я.Р. Анапрэенка. – Мінск : Цэнтр лічбавага друку, 2015. – С. 15.
[4] Палуян, С. Лісты ў будучыню. – С. 161.
[5] Палуян, С. Лісты ў будучыню. – С. 164.
[6] База даступна для спампоўвання па спасылцы: http://swolkov.org/info1.htm.
* Месцілася ў Кіеве.
* Узброеныя Сілы Поўдня Расіі (па-руску ВСЮР) - аператыўна-стратэгічнае згуртаванне Белых войскаў у 1919–1920 гг.
** Узброеныя сілы Белага руху, аб’яднаныя ў 1919 г. з шэрагу розных вайсковых фарміраванняў пад адзінае камандаванне адмірала А.В. Калчака.
[7] Вабішчэвіч, Т. Гістарыяграфічнае значэнне і інтэрпрэтацыйны патэнцыял артыкула “Сяргей Палуян і яго пара” Кастуся Езавітава : [пачатак] / Т. Вабішчэвіч // Роднае слова. – 2015. – № 10. – С. 8; Кабржыцкая, Т. Зінаіда Дзярабіна, пляменніца Сяргея Палуяна: “Сяргей быў вельмі ўпарты…”. – С. 6.

[8] Кабржыцкая, Т. Слядамі знічкі : аповесць аднаго пошуку / Т. Кабржыцкая, В. Рагойша // Маладосць. – 1985. – № 10. – С. 162.
[9]Звесткі з базы дадзеных С.У. Волкава “Удзельнікі Белага руху ў Расіі” ( http://swolkov.org/info1.htm).
* Народна-працоўны саюз расійскіх салідарыстаў (па-руску НТС) – палітычная арганізацыя рускай эміграцыі.
[10] Полчанинов, Р. В Хорватии. 22 июня 1941 г. – 26 января 1942 г. / Р. Полчанинов // Страницы истории разведчества-скаутизма. – 2003. – апрель. № 24 (81) [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.russkije.lv/ru/journalism/read/polchaninov-in-croatia. – Дата доступа : 01.02.2018.
[11] Ски Зинаида Полуян, биографический очерк // Опыт : журнал скаутских руководителей [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.scouts.ru/library/14059. – Дата доступа : 03.02.2018.
  • Добавить в Словарь
    • Новый список слов для Белорусский -> Русский...
    • Создать новый список слов...
  • Копировать